Грамадскі савет па маральнасці: жыць па сумленні
Як вядома, у нашай краіне ўжо трэці год дзейнічае Грамадскі савет па маральнасці. Чым выклікана неабходнасць стварэння такога своеасаблівага грамадскага органа і чым напоўнена яго дзейнасць?
Нашы пытанні да сакратара Савета, першага намесніка старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алены Стэльмах.

— Алена Анатольеўна, давайце пачнём з таго, што Савет даў аб сабе знаць яшчэ ў 2006 годзе. Пасля перапынку ён аднавіў сваю работу. Патлумачце гісторыю пытання.
— Будзем сыходзіць з самой назвы Савета — «па маральнасці». Як бы ні мяняўся час, прыўносячы змены ў лад жыцця чалавека, духоўны стан грамадства заўсёды мае першараднае значэнне. Помніцца, якая ў 90-я гады мінулага стагоддзя ў краіне была разруха не толькі эканамічная, наогул усталёўваліся новыя грамадскія нормы, каштоўнасці, распаўсюджваліся чужыя ідэалогіі, якія супярэчылі традыцыйным уяўленням аб духоўнасці.
У падтрымку маладой незалежнай дзяржавы, яе кіраўніка выступілі Мітрапаліт Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. Вельмі важным на той момант было: якім шляхам пойдзе наша краіна? Для тых, хто вызначаў яе лёс, было несумненным: з захаваннем традыцыйных духоўных каштоўнасцей беларусаў! Вось так узнікла ідэя стварэння Савета, у склад якога ўвайшлі аўтарытэтныя асобы таго часу. Словам, Савет ужо тады дапамагаў не страціць нацыянальныя духоўныя арыенціры. Зноў Савет узяўся за работу восенню 2023 года.
— Час пацвердзіў мэтазгоднасць існавання такога аб’яднання. Здаецца, у іншых краінах няма падобных саветаў…
— І што ў выніку? Антымараль прынцыпова і паслядоўна разбурае палітыкаў, дзяржавы, народы. Мы сведкі шалёнага хаосу, які ахоплівае свет пад уплывам таго, што супярэчыць агульначалавечым нормам маралі. Тое, што прынята лічыць дрэнным, становіцца ўзорам для пераймання. Добрае і стваральнае ганьбіцца як старое, аджылое. Патураецца ўсёдазволенасць. Як вынік, дэградуе маральны стан чалавецтва, а разам з ім церпіць бедства і навакольнае асяроддзе.
Безумоўна, і да нас даходзяць хвалі заходніх «каштоўнасцей». Ад іх вялікая спакуса. У моладзі асабліва. Але ці трэба нам паддавацца духоўнаму разбэшчванню? Хапацца за перакручаную шкалу ўсталяваных нормаў і правілаў? Беларусы — белая, чыстая, светлая нацыя. Мы самі павінны паважаць сябе!
— Напэўна, з гэтым і звязана галоўная сутнасць дзейнасці Савета: каб беларусы былі духоўна здаровымі…
— Нагадаю, што сузаснавальнікамі Грамадскага савета па маральнасці з’яўляюцца Беларуская Праваслаўная Царква і Саюз пісьменнікаў Беларусі. Адпаведна сукіраўнікі Савета Мітрапаліт Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч.
Цяпер, калі матэрыяльныя каштоўнасці дамінуюць над духоўнымі, у людзей часам утвараюцца скажоныя ўяўленні пра дабрыню, міласэрнасць, велікадушнасць, справядлівасць, грамадзянскасць, патрыятызм.
Царква спрыяе ўнутранаму міру і спакою чалавека. Творчасць пісьменнікаў садзейнічае духоўнаму росту, самаразвіццю асобы. Сумесныя намаганні прыносяць у рабоце большы плён.
— У такім разе якія паўнамоцтвы мае Савет? Хто закліканы рэагаваць на яго рашэнні?
— Савет — орган дарадчы. Усе члены Савета — знакавыя ў нашай краіне фігуры. Гэтыя людзі вядомы сваёй мудрасцю, веданнем, уменнем даваць парады і вучыць іншых. Яны маюць ролю настаўнікаў, правадыроў у пошуку жыццёвых сэнсаў. І таму рашэнні Савета маюць уплывовае значэнне ў грамадстве, не будучы пры гэтым законамі юрыдычнымі.
Сакратарыят Савета вельмі актыўна накіроўвае матэрыялы з выніковымі заключэннямі ў розныя дзяржаўныя ўстановы, арганізацыі, якіх датычыцца вызначаная праблематыка. Адказы сведчаць, што парады Савета прымаюцца да ведама, спрыяюць вырашэнню праблем.
Можна сказаць, што мы, а гэта 62 члены Савета — прадстаўнікі розных сфер, рэлігійныя дзеячы, — своеасаблівыя ідэалісты. Нам, безумоўна, хочацца, каб у нашым грамадстве не было абсалютна ніякіх хіб, каб усе жылі радасна і шчасліва. Але ў жыцці так не бывае. Штодзённа сутыкаемся з праблемамі, якія хвалююць, прымушаюць задумацца, патрабуюць рэагавання.
— І як на выклікі часу адгукаецца Савет?
— Неабходна адзначыць, што ў складзе Савета 6 камісій, якія маюць кампетэнцыі па розных кірунках сацыякультурнай сістэмы краіны. Камісію па культуры ўзначальвае К. М. Дулава, генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі; па адукацыі і навуцы — В. А. Богуш, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі; па сацыяльнай палітыцы — І. А. Касцевіч, старшыня Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі; па падтрымцы і захаванні здаровага ладу жыцця — Я. Д. Шаўцоў, генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа; па падтрымцы і захаванні традыцыйных духоўных каштоўнасцей — Абу-Бекір Ю. Шабановіч, старшыня (муфтый) Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь.
У полі зроку кожнай Камісіі — шэраг пытанняў. Некаторыя з іх вырашаюцца хутка, іншыя патрабуюць глыбокага вывучэння, аналізу, кампетэнцыі ўсяго Савета.
— Якім чынам паступаюць пытанні да разгляду?
— Савет аператыўна рэагуе на тое, што выклікае рэзананс у грамадстве, адмоўна ўплывае на фізічны і маральны стан грамадзян. Ініцыятарам разгляду таго або іншага пытання могуць стаць кіраўніцтва Савета, старшыні камісій, іх члены. Ды, у прыватнасці, і кожны грамадзянін нашай краіны можа заявіць аб тым, што яго непакоіць, мае права выказаць сваю пазіцыю.
Летась Савет разгледзеў 38 пытанняў, 29 з якіх — духоўна-маральнага характару. Дарэчы, для зваротнай сувязі дзейнічае сайт Савета, куды можна накіраваць электронны ліст.
— Давайце пяройдзем да канкрэтных прыкладаў.
— Нядаўна мы адчулі чарговы павеў Захаду — захапленне моладзі квадроберствам (апрананне ў жывёл і перайманне іх звычак). Савет выказаў вельмі негатыўнае стаўленне да такіх недарэчных пераўтварэнняў, якія прыніжаюць чалавечую годнасць. І гэта адыграла сваю ролю.
Такі ж разбуральны ўплыў на асобу аказвае і нецэнзурная лексіка, якая стала распаўсюджанай у нашым грамадстве з’явай. Людзі выказваюць свае думкі, не ведаючы не толькі нормаў літаратурнай мовы, але і звычайных нормаў маралі, паводзін у грамадстве. Мат засмечвае мову, знішчае яе прыгажосць і вядзе ў выніку не толькі да збяднення моўнай сістэмы, але і да дэградацыі асобы, духоўнай непаўнавартаснасці чалавека. Яго гаворка становіцца вульгарнай, яна выклікае абурэнне, носіць абразлівы характар. Даволі многа Саветам па гэтым балючым пытанні было сказана і напісана для рэагавання ў розныя інстанцыі. І цяпер пытанне на кантролі Савета, на думку якога ў гэтым кірунку патрэбны змены, у тым ліку і ў заканадаўстве.
Пэўнай увагі патрабуе і тэма астралогіі, якая лічыцца лжэнавукай і падвяргаецца крытыцы са спрадвечных часоў. У рэлігійным плане астралогія адносіцца да аднаго з тыпаў нетрадыцыйнай рэлігійнасці. Разам з тым у сучасным беларускім грамадстве астралогія актыўна папулярызуецца: астралагічныя гараскопы друкуюцца мноствам выданняў, транслююцца на тэлебачанні, астролагі часта выступаюць у ролі «экспертаў», выдаецца астралагічная літаратура, у якасці прыёму маркетынгу выкарыстоўваецца «астралагічны» дызайн тавараў і г. д.
Непакой Савета выклікалі і гастролі ў Беларусі асобных прадстаўнікоў расійскага шоу-бізнесу. Выканаўцы, у якіх не толькі лексіка, усё аголенае шоу выклікае шмат пытанняў. Меркаванне Савета было даведзена да арганізатараў канцэртаў з просьбай ставіцца больш адказна да правядзення культурных мерапрыемстваў.
Сёння на парадку дня Савета: азартныя гульні, энергетычныя напоі, снюсы, нікацінавыя паўчы, іншыя навамодныя спакусы, захапленне якімі нясе пагрозу для чалавека. Мараль тут адна: любіце, цаніце жыццё!
— На пэўным этапе Савет пашырыў кола сваіх членаў — далучыліся прадстаўнікі з рэгіёнаў. Чым абумоўлены такі крок?
— У склад Савета ўвайшлі людзі, якіх добра ведаюць у рэгіёнах, хто карыстаецца аўтарытэтам. Гэта прадстаўнікі ўлады, царквы, а таксама старшыні абласных пісьменніцкіх арганізацый.
Мэта далучэння тэрытарыяльных аб’яднанняў у тым, каб быў камунікат на ўзроўні рэгіёнаў, дзе тэмы маральнасці таксама злабадзённыя. У кожным рэгіёне можа быць свая праблематыка. Як, напрыклад, тэма плошчы зорак у Магілёве.
— Алена Анатольеўна, нядаўна прайшоў літаратурны конкурс. Як гэта ўпісваецца ў агульную праграму дзейнасці Савета?
— Клопат Грамадскага савета па маральнасці не толькі ў тым, каб бачыць негатыў. Наадварот, мы гатовы падтрымаць, заахвоціць усё лепшае, што спрыяе развіццю высокай маральнасці, садзейнічае захаванню і памнажэнню нацыянальнага культурнага здабытку, выхаванню ў моладзі любові да Айчыны.
Нярэдка маральнасць адпавядае такім выразам, як «быць чалавекам», «жыць пачалавечы», «чалавечыя законы», «паступаць па сумленні», «ставіцца з павагай». Гэта і ёсць тыя прынцыпы, з якіх сыходзіць Грамадскі савет па маральнасці.
Літаратурны конкурс меў назву «У гармоніі з сабой і светам». Ён праводзіўся ў гонар свяціцеля Кірылы Тураўскага. Конкурс стане традыцыйным. Было даслана шмат работ. Пераможцаў запрасілі на ўрачыстасць, яны атрымалі ўзнагароды. А для сябе мы зрабілі выснову, што людзі адкрыты для зваротнай сувязі з Саветам. Яны раздзяляюць нашу пазіцыю: хочуць жыць у гармоніі з сабой і светам.
Марыя ЛІПЕНЬ
Алена Стэльмах. Фота Кастуся ДРОБАВА.